Дзень Волі. 25 сакавіка. Як гэта было Пропустить содержание

Дзень Волі. 25 сакавіка. Як гэта было

2 месяца назад
Дрон Медиа 6 минут чтения
+ + + +
100-годдзе БНР, Алесь Капуцкі ў першым шэрагу ў белым швэдары

Сегодня, 25 марта, свободная Беларусь отмечает День воли – годовщину провозглашения независимости Беларусской народной республики в 1918 году. По этому случаю Дрон публикует эту статью на беларусском языке. Автор статьи – Дзмітрый Нікалаеў.

Наш Дзень Волі – адна з найважнейшых гістарычных датаў. У 2018 годзе адзначалася стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Сто год – такі невялікі перыяд з пункту гледжання гісторыі і такія вялікія перамены ў свядомасці грамадзян, такое вялікае значэнне для кожнага аднадумца паасобку і для некалькіх пакаленняў разам.

Алесь Капуцкі ў цэнтры, справа Алесь Бяляцкі, злева Паліна Сцепаненка

Напярэдадні 105-й гадавіны узгадаем як апошнімі дзесяцігоддзямі па ўсёй краіне і за межамі Беларусі праходзілі ўрачыстасці, прысвечаныя 25 сакавіка. У гэтым артыкуле – кароткія ўспаміны пра тое, што непасрэдна звязана з датай ад зусім розных людзей, з самых розных месцаў Беларусі.

Першы суразмоўнік Aлесь Капуцкі, вядомы праваабаронца з Маладэчна.

- Алесь, як у Маладэчне пачыналі святкаваць Дзень Волі ў часы незалежнай Беларусі?

- Памятаю, у першыя гады на пачатку 90-х, калі краіна атрымала незалежнасьць, у Маладэчне Дзень волі адзначалі нават на афіцыйным узроўні, з удзелам аддзела культуры гарвыканкама. Адна з такіх урачыстых вечарын , здаецца ў 1992  прайшла ў акатавай залі былога гаркама партыі, які на той момант быў ужо перададзены пад музчыную школу. Змястоўны даклад вядомага краязнаўцы, а потым цудоўны канцэрт. Але гэта працягвалася толькі да прыходу першага прэзідэнта. Далей было па-рознаму. На круглыя даты арганізавана езьдзілі ў Менск, прымалі ўдзел у агульных мерапрыемствах, якія ладзіліся тады сталічнымі актывістамі. У іншыя гады штосьці ладзілі ў Маладэчне. Але ўжо тады, у другой палове 90-х, цяперашняя нязменная ўлада паказвала свой твар – хапун, затрыманні, забароны.

- А ў які прыкладна перыяд адзначалі ўжо толькі ў Маладэчне, і што за мерапрыемствы ладзіліся ў горадзе?

- Паездкі ў Менск на вялікія даты працягваліся і надалей, але прыкладна з першай паловы 2000-х ужо часцей пачалі рабіць непасрэдна ў Маладэчне ўрачыстыя сустрэчы, часам канцэрты. Прыязджалі да нас калегі-праваабаронцы і актывісты, вядомыя творчыя людзі з іншых рэгіёнаў. Але ўсё гэта было да 2010 года.

- Але ж і далей нешта працягвалася?

- Зразумела, працягвалася. Ва ўмовах рэпрэсій, пераследу, ва ўмовах пагрозаў і рызыкі быць арыштаванымі. Але людзі збіраліся ў самым цэнтры горада, каля нашага памятнага камяня, які мае таблічку "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі", ускладалі да яго кветкі.

Потым улады гэты камень вырашылі прыбраць з вачэй і перацягвалі два разы. На другі раз яго ўвогуле раскалолі, і зараз ён стаіць амаль незаўважны ў гарадскім парку.

Але, нават у 2021 годзе самыя адважныя яшчэ спрабавалі сабрацца і ўшанаваць ганаровую дату ускладаннем кветак да гэтага помніка, за што былі затрыманыя і падвергнутыя рэпрэсіям.

- Дзякуй,  Алесю! З Днём волі!

100-годдзе БНР, Алесь Капуцкі ў першым шэрагу ў белым швэдары

Ужо пайшло другое стагоддзе, як беларусы ва ўсім свеце адзначаюць Дзень волі. Наколькі важным гэтае свята з’яўляецца ў жыцці актыўных і свядомых беларусаў можна меркаваць з наступнай размовы. Другі наш суразмоўнік Алег Мяцеліца, грамадскі дзеяч, актывіст экалагічнага і турыстычнага руху з невялікага мястэчка Бялынічы, што на Магілёўшчыне.

-Алег, як усё пачыналася? Калі першы раз давялося паўдзельнічаць у святкаванні Дня Волі?

-У адпаведнасці са сваім узростам, а яшчэ – адзначым гэта ў кантэксце галоўнай тэмы нашай размовы – у акалічнасцях знаходжання на волі і ў няволі, я магу больш-меньш дакладна сказаць, што ў 2001 - у 2002 гадах у Бялынічах існавала суполка нацыянальна арыентаваных, беларускамоўных актывістаў. І тое, што мы збіраліся менавіта 25 сакавіка было не выпадкова – мы вельмі добра ўсведамлялі, што значыць у гісторыі краіны гэта дата. Можа падацца, што нас было няшмат, але той дзясятак чалавек зрабіў значны ўплыў на вялікую колькасць мясцовых людзей.

Яшчэ быў такі асабісты момант, так склалася, што да 2003-2004 года падраслі дзеці, старэйшай дачцы Яўгене было ўжо дзесяць год, і я пераключыўся на тое, каб зрабіць гэта свята сямейным. Мне тады падавалася, што гэта вельмі важна – каб дзеці ўспрынялі як бы знутры і гэту дату, і гістарычныя падзеі з ёй звязаныя. Каб гэта не была нанасная, паверхневая, нейкая штучна-афіцыёзная асацыяцыя ў іхнай свядомасці.

Аднак, па магчымасці і паездкі ў Менск на 25 сакавіка ці ў блізкія даты не перарываліся – гэта было святое!

Алег Мяцеліца (на здымку злева) з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым падчас пікету ў Мінску

- Вельмі добра памятаю 25 сакавіка 2007 года. Тады ў Фальварку “Добрыя мыслі” сабралася вялікая кампанія выхадцаў з Бялыніч, і падчас вялікай часткі святочнага канцэрту так здарылася, што ўся публіка раптам пачала выбягаць с залі на вуліцу. Усе хрыпелі, цёрлі вочы, кашлялі, чыхалі, і не маглі зразумець, у чым справа. Аказалася, што нехта з “добразычліўцаў” пырснуў у памяшканні з газавага балончыка. Такая вось была правакацыя супраць бялынічан менавіта на Дзень Волі! Што можна яшчэ ўзгадаць пра вось гэтыя, ужо больш познія гады?

-Так, здаралася рознае. І чым далей, тым дурней. Аднак, зараз я ўзгадваю, што ў тыя часы – у другой палове 2000-х – я ўваходзіў у шматлікія арганізацыі  (“Зубр”, “Маладая грамада”), удзельнічаў і выбіраўся для пэўнай дзейнасці ў розных з’ездах, сацыяльна-палітычных праектах, адукацыйных праграмах. Карацей, быў звязаны з вельмі вялікай супольнасцю беларускіх актывістаў. Дык вось, адной з галоўных нашых дамоваў было тое, што мы стараліся з усёй Беларусі з’язджацца ў Мінск і сустракацца на акцыях у гонар Дня Волі. Такая ў нас была грамадская задача, унутраная неабходнасць – каб не пакінуць гэты дзень незаўважным. Для “добразычліўцаў” скажу – рабілі мы гэта абсалютна  задарма, гэта значыць бясплатна, за свой кошт прыязджалі, за свой кошт з’язджалі.

-Азіраючыся назад, што яшчэ ўзгадваецца з нейкіх такіх запамінальных падзей, звязаных з 25 сакавіка?

-Напрыклад, у 2006 я сядзеў у турме. Мяне арыштавалі 16 лютага (на дзень Салідарнасці беларусаў усяго свету – мы стаялі на акцыі са свечкамі). Як раз на той час прыпадала перадвыбарная і выбарная кампаніі – выбары былі 19 сакавіка, таму вельмі зручна было мяне затрымаць адзін раз і пакінуць на дастаткова доўгі для “сутачніка” тэрмін – я выйшаў ужо значна пазней Дня Волі.

Яшчэ знакавым для мяне было 25 сакавіка 2012 года. Я ўзначальваў Беларускае грамадскае палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве. Мы былі аб’яднаўчай структурай, шмат чаго рабілі. І вось, мы арганізавалі такі наймацнейшы Дзень Волі ў Вільні. Спачатку мы правялі вялікі аўтапрабег. А далей у гарадской Ратушы была вялікая імпрэза з удзелам амбасадараў розных краін, з урачыстым адкрыццём, з вялікім канцэртам, дзе прымаў удзел, напрыклад, хор “Унія”, са свецкім фуршэтам пасля ўрачыстай часткі. Гэта быў перыяд майго выгнання з Беларусі з канца 2010 па 2013 год.

Дарэчы, у гэтым годзе мы робім заплыў Незалежнасці пад бела-чырвона-белымі сцягамі па Віліі (па Нерысу) на байдарках – робім як незалежную некамерцыйную акцыю. Старт ад Шыла Цілтас (мост Шыла) і плывем да Цілтас Балтас (Белага маста) у цэнтры горада.

-Дзякуй, спадар Алег! І ўдачнага вам плавання пад бела-чырвона-белымі сцягамі!

Алег Мяцеліца (на здымку справа) рыхтуецца да сплаву на байдарках

Ва ўсіх рэгіёнах краіны – з часоў абвяшчэння незалежнай Беларусі на пачатку 1990-х – афіцыйна адзначаліся ўгодкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Здавалася б, усе тыя падзеі, звязаныя з аднаўленнем нашай незалежнасці адбыліся не так даўно, аднак пагаварыць са сведкамі першых ганаровых адзначэнняў часам ўжо не ўяўляецца магчымым.

Ігар Казмерчак

Выдатна, што ёсць таленавітыя і адукаваныя людзі наступных пакаленняў, якія разумеюць гістарычнаю значнасць падзей у Беларусі. З вялікай цікавасцю размаўляем сёння з Ігарам Казмерчакам, незалежным журналістам і грамадскім актывістам з Оршы.

-Ігар, калі адбыўся твой непасрэдны ўдзел у святкаванні ўгодкаў БНР?

-Напрыканцы 1990-х было яшчэ такое юнацкае “знаёмства з тэмай”. Наколькі памятаю, у большасці выпадкаў нашы актывісты тады ездзілі ў Мінск, дзе збіралася свядомая беларуская супольнасць з усяе краіны.

Актыўны перыяд у мяне пачаўся адразу пасля заканчэння навучальнай установы – з 2006 года. Выбары тады адбываліся 19 сакавіка, як раз напярэдадні Дня Волі. Я ўдзельнічаў у стварэнні намётавага гарадка на пляцу Каліноўскага. Але ж, як сумленны грамадзянін, супрацоўнік культурна-адукацыйнай установы, пасля выходных паехаў на працу да сябе ў Оршу, каб не падводзіць маіх шматлікіх выхаванцаў.

У той памятны дзень павёў дзяцей у тэатр (па адукацыі я выкладчык тэатральнага майстэрства, па спецыяльнасці ж і працаваў). Пасярод вуліцы, мне насустрач выскоквае правакатар і намагаецца завязаць бойку. Ад яго патыхае алкаголем. Гэта ўсё адбываецца прама пры дзецях. У нейкі момант ён падае, бяздарна робіць выгляд, што яму вельмі баліць. Потым выклікае міліцыю, якая з’яўляецца імгненна.

У выніку мяне затрымліваюць, зноў жа паўтаруся – на вачах у шакаваных дзяцей. На судзе пацярпелы прадстаўляецца беспрацоўным па прозвішчу Бурчанкоў. Калі мы па сваіх журналісцкіх сувязях прабілі яго па базе дадзеных, аказалася, што такого сапраўднага прозвішча не існуе. Такім чынам, маё галоўнае святкаванне адбылося ў турме.

-А пазней, у наступныя гады як адзначалі дату?

Дакладна скажу, што з 2007-га года, кожнае 25 сакавіка мы дастаткова вялікай супольнасцю збіраліся каля помніка Караткевічу, ускладалі кветкі, чыталі урыўкі ці творы з яго творчасці. Потым рабілі сустрэчы ў больш цесным крузе, так бы мовіць. Часам запрашалі гасцей, часам збіраліся самастойна.

-Дзякуй вялікі, Ігар, за тое, што падзяліўся каштоўнымі ўспамінамі. З надыходзячым святам!

Популярные новости

1
2
3
4
5
6
7
Подпишитесь на наш телеграм канал — источных актуальных новостей от создателей «ДРОН МЕДИА». Этот канал действительно помогает понимать происходящее.
Подписаться на канал